НАРОДНАЯ ГРАМАДА || STATKEVICH
570 subscribers
5.3K photos
725 videos
17 files
3.31K links
Канал партыі Мікалая Статкевіча
НАРОДНАЯ ГРАМАДА

Народная Грамада - сацыял -дэмакратычная партыя, адна з старэйшых партый Беларусі. Лозунг: Свабода, Справядлівасць, Салідарнасць.

Сайт - hramada.org

Чат -https://t.me/+6vMFTQz1_VZmYjli
Download Telegram
Сёння, 9 жніўня, актывісты партыі «Народная Грамада» прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных шостай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.

Шэсць гадоў таму беларусы заявілі пра сваё права выбіраць уладу і жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне. Адказам рэжыму сталі гвалт, масавыя затрыманні, катаванні і тысячы палітычна матываваных прысудаў. Рэпрэсіі працягваюцца і сёння.

Для нас 9 жніўня — гэта напамін пра мужнасць беларусаў, якія выйшлі супраць дыктатуры, пра тых, хто заплаціў за сваю пазіцыю свабодай, здароўем і жыццём.

Мы працягваем барацьбу, таму што мэта, дзеля якой беларусы выйшлі на вуліцы ў 2020-м, застаецца нязменнай: свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь.
🔥2
Спынілася сэрца Аляксандра Мілінкевіча.

Аляксандр Мілінкевіч — адна з найбольш вядомых постацяў дэмакратычнага руху Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў. Ён шмат гадоў змагаўся за еўрапейскую і дэмакратычную будучыню Беларусі. У 2006-м стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах і кінуў выклік рэжыму Лукашэнкі. Неаднаразова сутыкаўся з рэпрэсіямі падчас паездак па Беларусі і сустрэч з грамадзянамі.

Акрамя палітыкі, Мілінкевіч займаўся краязнаўствам ізахаваннем гістарычнай спадчыны. Ён таксама стаў адным з заснавальнікаў Вольнага беларускага ўніверсітэта і яго канцлерам.

У лістападзе 2025 года палітык перанёс складаную аперацыю. Пасля ўмяшання яго стан быў вельмі цяжкім, наперадзе былі месяцы лячэння і рэабілітацыі. Але сёння стала вядома, што жыццё Мілінкевіча абарвалася.

Светлая памяць Аляксандру Мілінкевічу. Шчырыя спачуванні яго родным, сябрам і паплечнікам.
😢1
Сёння Мікалаю Статкевічу — 70 гадоў.

Мікалай Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Вайсковы па адукацыі, ён на пачатку 1990-х далучыўся да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1991 годзе заснаваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, а ў 1995-м узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Народная Грамада».

За сваю палітычную дзейнасць Статкевіч не аднойчы трапляў за краты. У 2004 годзе яго асудзілі за арганізацыю пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2010-м ён стаў кандыдатам у прэзідэнты і пасля разгону Плошчы быў арыштаваны, атрымаўшы шэсць гадоў калоніі. На волю палітык выйшаў у жніўні 2015 года.

У трэці раз Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет у Мінску. Пазней яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму і адправілі ў калонію ў Глыбокае, дзе ён правёў больш за два гады ў рэжыме інкамунікада.

11 верасня 2025 года Статкевіча разам з іншымі вызваленымі палітвязнямі прывезлі да літоўскай мяжы. Ён адзіны адмовіўся ад прымусовай высылкі з Радзімы, вярнуўся на беларускі бок і зноў апынуўся за кратамі. У калоніі ён перанёс інсульт.

19 лютага 2026 года Мікалай Статкевіч нарэшце вярнуўся дадому ў Мінск. Як ён сам сказаў у інтэрв’ю нямецкай газеце Zeit, свайго цяперашняга статусу ён не ведае.

Сёння яму 70 гадоў. Нягледзячы на ўсе здзекі рэжыму, Мікалай Статкевіч не зламаўся і не здаўся. Рэжым не здолеў адабраць у яго галоўнае: перакананні, годнасць і права самому вырашаць свой лёс.

З Днём нараджэння, Мікалай Віктаравіч! Жадаем здароўя, сіл і як мага больш гадоў у той свабоднай Беларусі, за якую Вы змагаецеся ўсё жыццё.
5
Forwarded from STATKEVICH M
ЧАМУ Ў ІХ 80, А Ў НАС - ТОЛЬКІ 20?
Інфармацыі ў зняволенні вобмаль. Асабліва, калі гадамі сядзіш у адзіночнай камеры (гэта аналаг ПКТ у калоніі для асабліва небяспечных рэцыдывістаў). Нават тэлевізар не бачыў за ўвесь час там. Незалежных грамадска-палітычных газет і часопісаў у краіне не засталося. Мусіў нават выпісваць "Советскую Белоруссию". Тым болей, што навык савецкіх часоў па здабычы інфармацыі з прапаганды нікуды не знік. Здабытая такім чынам інфармацыя нярэдка выклікала вялікія пытанні да замоўнікаў прапаганды.
Напрыклад, пару гадоў таму ў штотыднёвым дадатку да той жа "Советской Белоруссии", які завецца "Саюз", прачытаў, што ў Бранскай вобласці РФ шырока выкарыстоўваецца пшаніца беларускай селекцыі. Там жа прачытаў, што сярэдняя ўраджайнасць гэтай пшаніцы па ўсёй вобласці - 80 цэнтнераў з гектара. А у самой газеце, без дадатку, было напісана, што ўраджайнасць пшаніцы ў суседніх з Бранскай Магілёўскай ды Гомельскай абласцях Беларусі - каля 20 цэнтнераў з гектара. У 4 разы меней! Адразу ўзнікла маса пытанняў. Адкуль такая каласальная розніца?
Глеба? Падобная, амаль што аднолькавая.
Клімат? Падобны, мо на Магілёўшчыне і Гомельшчыне нават павінна быць крыху цяплей. Бо ў нашым рэгіёне, чым больш на Ўсход, тым халадней.
Тэхніка? Павінна хапаць, бо МТЗ ды "Гомсельмаш" ужо, мабыць, не ведаюць, куды падзець свае трактары ды камбайны.
Людзі? Дык на Браншчыне нібыта такія ж - нашчадкі радзімічаў, якія яшчэ ў канцы XIX стагоддзя лічылі сябе беларусамі. У лейтэнантскім юнацтве сустракаў салдат з Браншчыны, якія размаўлялі на добрай беларускай мове, хоць і здзіўляліся, калі я ім пра гэта казаў.
Моцныя традыцыі земляробства? Дык у познія савецкія часы Бранская вобласць разам са Смаленскай былі ледзь не прыкладам разбурэння сельскагаспадарчай вытворчасці і дэградацыі вёскі.
Пасяўны матэрыял? У дадзеным выпадку - там і там пшаніца беларускай селекцыі, калі ў нас яе яшчэ не замянілі кітайскай.
Дык у чым прычына такой велізарнай розніцы ва ўраджайнасці цяпер?
Не сачыў, але, здаецца, крамлёўскія начальнікі па тэлевізару хлебаробаў вырошчваць хлеб не вучаць, на верталёце над палеткамі не лётаюць. Ды й небяспечна там зараз лётаць - могуць і збіць. Нягледзячы на вайну з Украінай, "бітву за ўраджай" у РФ не вядуць, штрафных батальёнаў адмыслова для гэтай "бітвы" не ствараюць, мабілізацыі ва ўстановах і прадпрыемствах для яе не праводзяць. Нават лепшыя камбайнёры там з кожнага праса перадавым досведам не дзеляцца.
Але ж у выніку - у іх 80, а ў нас толькі 20.
А мо, якраз у гэтым і прычына, што не вучаць, не лезуць з публічнымі парадамі, не лётаюць і не вядуць бітваў, а проста не замінаюць людзям рабіць сваю спрадвечную справу ды зарабляць?
Скажу шчыра, я не стаў тады хаваць гэтай сваёй высновы. Наадварот, шырока дзяліўся ёй з суседзямі з ШІЗА і ў адзіночках. Не ведаю, магчыма, менавіта таму дадзеныя пра ўраджайнасць пшаніцы ва ўсходніх абласцях Беларусі з таго часу так цяжка адшукаць. Бо мяне там слухалі ўважліва. Напрыклад, можна было расказаць рэальную анекдатычную гісторыю сукамернікам у ШІЗА, а потым, па вяртанні ў адзіночку, пачуць яе з радыёкропкі ўжо ў пераказе вядомага персанажа. Мо, таму цяпер і публікуюцца дадзеныя толькі пра ўраджайнасць ў асобных перадавых сельгаспрадпрыемствах ды ў заходніх рэгіёнах краіны, якім пашанцавала быць вызваленымі на 20 гадоў пазней.
Але ўсё гэта не дае адказу на пытанне, чаму, ўсё ж, у суседняй, некалі занядбанай, вобласці Расіі ўраджайнасць у 4 разы вышэй, чым у нас? Гэтае пытанне ўзнікае кожны раз, калі выпадкова трапляеш на шматлікія рэпартажы пра ўборачную, на тэлевізійныя павучанні галоўным начальнікам хлебаробаў, як ім працаваць, на інтэрвью перадавікоў жніва. Але замест адказу ў галаве чамусьці круціцца жартоўная прыказка, зноў жа, з лейтэнантскага юнацтва: "Дело было не в бобине, раздолбай сидел в кабине".
Forwarded from Хартия-97%
Солдат свободной Беларуси

Его командир — свобода. Его окоп — везде, где есть угроза независимости его страны. Его армия — те, кто готов встать рядом.

Мы все вместе однажды отпразднуем день рождения Николая Статкевича в свободной Беларуси. И пусть это будет не следующий юбилей, а намного раньше:

https://qnl9lx-c97-org.cdn.ampproject.org/c/s/qnl9lx.c97.org/ru/news/2026/8/14/694739/
👍2
Forwarded from STATKEVICH M
СПЫНІЦЬ РАСКОЛ
5 гадоў таму з нашым народам здарылася трагедыя - у выніку адмысловай спецаперацыі, шляхам масавых дэманстратыўных рэпрэсій, мэтанакіраванага запалохвання і арганізацыі адпаведных публічных прыкладаў ды інфармацыйнай кампаніі ў Сеціве да эміграцыі з Беларусі былі схілены, як мінімум, паўмільёна нашых суграмадзян. Да прыкладу, гэта аналагічна, як з Расіі раптоўна з'ехала б болей за 7 мільёнаў чалавек. Любая еўрапейская дзяржава у сітуацыі агульнаеўрапейскага дэмаграфічнага крызісу імкнецца заахвоціць сваіх грамадзянаў заставацца на Радзіме, ствараць там сем'і, нараджаць і гадаваць дзяцей. Бо кожны чалавек, незалежна ад яго палітычных схільнасьцяў, ўяўляе сабой каштоўнасць для сваёй краіны, якая, ўрэшце, у маленстве плаціла грошы яго бацькам, бясплатна адукоўвала яго, пры неабходнасці лекавала. Улічваючы якасць гэтых выгнаных з Беларусі людзей, сярэдні ўзровень іх адукацыі ды актыўнасць, эканоміцы нашай краіны, перспектывам яе развіцця нанесены каласальны ўрон. Па сутнасці, правячы рэжым за кошт будучыні нашага народа зрабіў бясплатны падарунак іншым дзяржавам. Прычына гэтага, як мінімум, безадказнага дзеяння - не толькі помста за перажыты ў 2020 годзе страх. Не толькі жаданне любым коштам назаўсёды захаваць кантроль і ўладу над краінай, якое дакладна было сфармулявана ў фразе, сказанай галоўным тутэйшым начальнікам гады чатыры з нечым таму ў Маскве з нагоды масавай эміграцыі расійскіх мужчын з-за мабілізацыі: "Не надо жалеть, что они уехали. Они же все равно были не за вас".
Думаю, што масавая "зачыстка" Беларусі ў 2021 годзе адбывалася, таксама, і як перадваенная падрыхтоўка да ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну з нашай тэрыторыі. Каб прадухіліць пратэсты ці актыўныя дзеянні ў тыле расійскай групоўкі на нашай зямлі.
"Зачыстка" была праведзена. І зараз за межамі Беларусі жывуць сотні тысячаў нашых суайчыннікаў. Гэтыя людзі могуць быць патэнцыялам для будучага развіцця вольнай Беларусі, а могуць быць нашай стратай. Таму вельмі важна, каб мы не гублялі пачуцця еднасці і агульнай адказнасці за будучыню Беларусі.
Але жыццё ёсць жыццё. Людзі мусяць ўладкоўвацца ў тых умовах, у якіх яны апынуліся. Часта вельмі адрозных ад звыклых тут. Гэта іншыя турботы, іншыя людзі, іншая дзяржава. Нават ужо і іншая супольнасць - дыяспара. Якая, як і любая іншая супольнасць, дзеліць усіх на"сваіх" і "не сваіх" ды імкнецца, каб "сваіх" рабілася болей. І сваю ўвагу і салідарнасць скіроўвае найперш на "сваіх". Пэўнае адчужэнне паміж намі па розныя бакі мяжы непазбежна нарастае і гэтаму трэба супрацьстаяць.
Найперш, важна, каб мы паважалі выбар адзін другога і не лічылі чужымі адзін аднаго. Але, калі беларусы замежжа хочуць некалі вярнуцца на Радзіму без рызыкі для сябе і самапрыніжэння ў нейкіх "камісіях", калі яны, ўвогуле, хочуць, каб за імі стаяла свая Радзіма, то трэба разумець, што ўсё гэта, у найбольшай ступені, залежыць ад тых беларусаў, якія засталіся на сваёй зямлі. Таму - спыніце ў сацыяльных сетках абразы ў іх бок, перастаньце наракаць сваім знаёмым ці сваякам, што яны "дурні, бо дагэтуль не звалілі". Будзьце проста ўдзячныя тым, хто зрабіў і робіць гэты небяспечны зараз выбар на карысць сваёй краіны, бо яны - гэта асноўны шанец на вызваленне і захаванне Беларусі.
Не буду хаваць, што мяне ўразілі не толькі салідарнасць беларусаў дыяспары ў адносінах адзін да аднаго, да дэпартаваных палітвязняў, але і значна меньшыя праявы такой салідарнасці да тых, хто пасля вызвалення застаўся ў Беларусі ў непараўнальна больш складанай сітуацыі - пад пастаяннай пагрозай паўторнага зняволення, без права нават на банкаўскі рахунак і тэлефонны нумар, без магчымасці знайсці нармальную працу (я тут зусім не пра сябе). Узгадаем, напрыклад, няўдалы збор сродкаў для вызваленых палітвязняў, якія былі пакінутыя у Беларусі, у параўнанні з салідарнымі зборамі на дэпартаваных.
2
Forwarded from STATKEVICH M
Я не хачу ўлазіць у пытанне арганізацыі кіраўніцтва дыяспарай. Гэта справа, найперш, самой дыяспары. Але ёсць пытанне, якое хвалюе ўсіх беларусаў. Зараз усіх нас у адну нацыю звязваюць беларускія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. І яны павінны паказваць прыклад сапраўды незалежнай прафесійнай журналістыкі. Але кідаецца ў вочы выразная ангажаванасць і нават самацэнзура некаторых рэсурсаў. Я маю дастатковы досвед, каб зразумець, што гэта ангажаванасць, як і некалі на роднай зямлі, звязана з крыніцамі фінансавання. Але ж зараз, нібыта, гэтае фінансаванне ажыццяўляецца еўрапейскімі структурамі ў межах падтрымкі ўсёй беларускай дэмакратыі. Як я зразумеў, размеркаваннем падтрымкі паміж канкрэтнымі беларускімі рэсурсамі займаюцца кіруючыя структуры дыяспары, якія і атрымоўваюць найбольш увагі ад гэтых рэсурсаў. Усё, як некалі было тут - "хто дзяўчыну корміць, той яе і танцуе". Толькі бурлівая дзейнасць "офісаў" і "кабінетаў" цікавая найперш для ўладальнікаў ды насельнікаў гэтай нерухомасці. Большасць беларусаў тут абыякавая да яе. Ну ды нічога - людзі пацерпяць дзеля магчымасці ўбачыць іншую, важную для сябе інфармацыю. Але з другога боку, калі наша краіна вызваліць сябе, у якасці ўзору еўрапейскага прафесіяналізму, аб'ектыўнасці ды крытычнага стаўлення да злоўжывання ўплывамі да нас прыедуць каманды беларускіх журналістаў, навучаных прафесійна за грошы паказваць чорнае белым ці наадварот? Дзякуй, не трэба. Тут такіх аж зашмат. Вучыцеся лепшаму.
Для мяне відавочна, што пытанне размеркавання дапамогі беларускім дэмакратычным інтэрнэт-рэсурсам з боку структур ЕС павінна вырашацца незалежным непалітычным органам і па аб'ектыўным крытэрыям. Думаю, што прадстаўнікі гэтых рэсурсаў здольны супольна выпрацаваць такія крытэрыі.
А ўсім беларусам па абодва бакі мяжы хачу сказаць:"Будзем разам, каб Беларусь жыла!"
👍21🔥1
Forwarded from STATKEVICH M
ПРАГНОЗЫ ЧАСОЎ РАСПАДУ (ЧАСТКА1)
Дакладныя палітычныя прагнозы - вельмі важная рэч. Не толькі таму, што задавальняць нашу цікаўнасць наконт будучыні. Дакладны прагноз дазваляе яшчэ і падрыхтавацца да таго, каб скарыстацца шанцамі, якія даюць будучыя перамены. Альбо нівеліраваць магчымыя пагрозы. Што зараз надзвычай важна для Беларусі і ўсяго еўрапейскага рэгіёна.
Напрыклад, 35 гадоў таму ў Маскве пачаўся путч ГКЧП, мэтай якога было ўратаваць СССР. Але які, у выніку, прывёў да яго распаду. Таму, якраз сёння зручная нагода, каб паразважаць пра тагачасныя прагнозы, бо сама гісторыя ўжо паказала іх слушнасць ці не слушнасць. Тады некаторыя прагназавалі не толькі сам распад савецкай імперыі, але нават спрабавалі прадказаць будучыню яе частак.
У той час я працаваў над доктарскай дысертацыяй, прысвечанай чалавека-машынным сістэмам кіравання і мусіў разбірацца, акрамя тэхнічных пытанняў, з матывацыяй чалавека ў гэтых сістэмах для эфектыўнага кіравання і для навучання такому кіраванню, што патрабавала вывучэння і гуманітарных навук. З сацыяльнай псіхалогіі мне было вядома, што дзяржава, не аб'яднаная агульнымі каштоўнасцямі, непазбежна распадаецца. Савецкі саюз аб'ядноўвала камуністычная ідэалогія, якая была цалкам дыскрэдытавана ў выніку "галоснасці" Гарбачова праўдай пра сапраўдны кошт камуністычнага эксперыменту для народаў СССР. Іншай аб'яднаўчай ідэалогіяй на той час магла быць толькі нацыянальная, што стала прысудам для шматнацыянальнай імперыі.
Тады, прагназуючы яе распад, я бачыў самую вялікую рызыку ў развязванні савецкай арміяй грамадзянскай вайны ў нацыянальных рэспубліках. Бо, калі пад імперскім войскам распадаецца імперыя, амаль рэфлекторная рэакцыя гэтага войска - зброяй прадухіліць распад. Што праз некалькі год выразна выявілася пры распадзе Югаславіі. Таму пытанне падзелу савецкай арміі паміж рэспублікамі і стварэнне ў іх сваіх армій рабілася вызначальным. Тым болей, што досвед распаду Расійскай імперыі ў 1917 годзе сведчыў, што тады незалежнасці здолелі дасягнуць толькі тыя яе "ўскраіны", якія здолелі к моманту распаду стварыць і захаваць нацыянальныя вайсковыя часткі. У беларусаў гэта не атрымалася. Аднымі дэкларацыямі ды граматамі незалежнасць не здабываецца і не бароніцца. У мяне ўражанне, што гэтая банальная ісціна дагэтуль не зразумелая тым, хто прэтэндуе на альтэрнатыўнае дзяржаўнае лідэрства.
Таму, праз мае, напачатку ананімныя, публікацыі ў тагачаснай беларускай прэсе ў 1990-1991 гадах рыхтавалася грамадская думка на карысць стварэння свайго войска. Трэба сказаць, што гэтая прапанова спадабалася беларусам, бо для іх яна значыла, што іх дзеці будуць служыць у войску каля дома, а не ў Сібіры ці ў Сярэдняй Азіі. Згодна з сацыялагічным апытаннем у сярэдзіне 1991 года яе падтрымлівалі 60% жыхароў Беларусі. Таксама, дзякуючы гэтым публікацыям і паштовым кантактам у іх, па ўсёй тэрыторыі Савецкага саюза (і ў Беларусі, ў тым ліку) была створана сетка афіцэраў-беларусаў, якія хацелі служыць Беларусі.
ГКЧП прымусіў нас прыспешвацца. 20 жніўня 1991 года ў перадачы радыёстанцыі "Беларуская Маладзёжная", дзякуючы яе вядучаму Віталю Сямашку, мной было аб'яўлена пра стварэнне "Беларускага згуртавання вайскоўцаў"(БЗВ) і агучаны заклік БЗВ да ўсіх вайскоўцаў не выконваць загады ГКЧП. У той жа дзень гэтыя аб'ява і заклік былі агучаны на мітынгу БНФ на плошчы Незалежнасьці (на фота).
Пасля паразы ГКЧП мы адразу перадалі ў Вярхоўны Савет, праз фракцыю БНФ у ім, законапраект пра стварэнне беларускага войска. Але гэты законапраект быў правалены звышактыўным супрацьдзеяннем аднаго дэпутата са Шклоўскага раёна, які меў ўплыў на шматлікіх дэпутатаў-старшынь калгасаў і рабіў ўсё, каб беларускае войска не было створана. У выніку закон быў прыняты ледзь ні з чацвёртай спробы толькі напачатку 1992 года. Ўвесь гэты час рэгіён знаходзіўся на мяжы грамадзянскай вайны. Украіна патрабавала ад Масквы перадаць у яе падпарадкаванне ўсе савецкія вайсковыя часткі на сваёй зямлі.
Forwarded from STATKEVICH M
У Генштабе Савецкай арміі наспявала змова, рыхтаваўся ўзброены мяцеж у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, дзе мясцовыя ўлады патрабавалі тэрміновага вываду савецкіх войскаў. Пасля таго, калі да патрабаванняў Украіны нарэшце далучылася Беларусь, Масква саступіла патрабаванням і пагроза грамадзянскай вайны была ліквідавана.
Гэта гісторыя - важнае сведчанне важнасці дакладнага палітычнага прагнозу. На гэтым канале я ўжо пісаў пра зроблены ў 2018 годзе Народнай Грамадой і Беларускім нацыянальным Кангрэсам прагноз пра наспяванне ў Беларусі рэвалюцыйнай сітуацыі, што дазволіла нам падрыхтавацца да будучых падзей.
У другой частцы гэтага тэкста праз некалькі дзён я прывяду яшчэ некалькі прыкладаў палітычных прагнозаў, зробленых іншымі людзьмі напярэдадні распаду СССР пра будучыню яго рэспублік і якія дагэтуль ўражваюць мяне сваёй дакладнасцю. Мне здаецца, што ў пераломныя моманты гісторыі ў некаторых людзей абвастраецца адчуванне яе хады і накірунку.
Forwarded from STATKEVICH M
ПРАГНОЗЫ ЧАСОЎ РАСПАДУ (ЧАСТКА 2)
Цяпер, як абяцаў у папярэднім матэрыяле, іншыя прыклады дакладных прагнозаў распаду СССР і будучыні яго рэспублік.
На адной з навуковых канферэнцый напрыканцы 80-х я пазнаёміўся з навукоўцам з Масквы, які належыў да вельмі старой адукаванай сям'і, што стагоддзямі жыла ў розных ісламскіх краінах, і які добра ведаў паўднёвыя савецкія рэгіёны. Мы размаўлялі пра будучыню гэтых рэгіёнаў пасля распаду савецкай імперыі. Па яго меркаванню, сярэднеазіяцкім савецкім рэспублікам наканаваны "альбо хан, альбо законы шарыяту". Цяпер мы бачым, што там, пасля вайны з ісламістамі ў Таджыкістане і задушэння іх выступаў ва Узбекістане, пакуль спыніліся на варыянтах "ханского" праўлення. Мой суразмоўца лічыў, што Азербайджан мае перспектывы для існавання сваёй дзяржавы, дзякуючы нафтавым даходам, прагназаваў праблемы для Грузіі, якой, па яго словам, было цяжка прапанаваць нешта ліквіднае для міжнародных рынкаў. Яшчэ ён вельмі скептычна ацэньваў перспектывы самастойнага існавання Арменіі, якая тады ўжо вяла ўзброены канфлікт з Азербайджанам з-за Нагорнага Карабаха і знаходзілася ў халодным канфлікце з саюзнікам Азербайджана Турцыяй. Заціснутай паміж ворагамі Арменіі, па яго меркаванню, не будзе іншага выйсця, як "вярнуцца" да Расіі.
Але ж прагноз - не прысуд. І цяпер мы бачым, як Арменія вырываецца з геапалітычнай пасткі, хоць і змушана ахвяраваўшы Нагорным Карабахам. Мне гэта, чамусьці, нагадвае некалі пачутую гісторыю, як воўк, каб вырвацца з пасткі, адыгрызае сабе трапіўшую ў яе лапу.
Асабліва запомніўся яшчэ адзін тагачасны прагноз, які, дакладней, трэба было б назваць папярэджаннем ці нават пагрозай.
Адзін курсант Мінскай вышэйшай інжынернай зенітнай ракетнай вучэльні, у якога я быў кіраўніком дыпломнай працы, пасля вакацый, праведзеных у Маскве, распавёў мне пра размову на вечарынцы з прадстаўніком нейкай расійскай шавіністычнай арганізацыі. Той, па словах майго дыпломніка, коратка сфармуляваў сваё бачанне будучыні імперыі. Гучала яно так: "Прыбалтыка сыйдзе. Яны там чужыя для нас, сваімі ніколі не будуць. Таму, хай сыходзяць. Азіяцкія рэспублікі хай таксама сыходзяць - колькі ўжо можна сядзець на нашай шыі. За Украіну мы будзем ваяваць. Але яна занадта вялікая, не ведаю, ці здолеем яе адолець. А вы, беларусы, сядзіце і нават не рыпайцеся ". Не ведаю, ці адрасавалася гэтае папярэджанне асабіста мне, бо ў вучэльні ўжо хадзілі чуткі пра мае "нацыяналістычныя" погляды, ці гэта была пагроза ўсім беларусам. Але прыняў я яе сур'ёзна, бо погляды таго "прагназіста" былі, як я шмат разоў пераконваўся, дамінуючымі сярод расійскага грамадства. Але, на той момант, гэта пагроза нават у нечым супакоіла мяне, бо, калі яны самі не ўпэўнены, ці "адолеюць" Украіну, то іх параза там дасць шанцы на незалежнасць і нам. Таму трэба было "рыпацца ": ствараць сваё войска, весці гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. Але, ведаючы настроі ў Расіі, ўвесь час чакаць, калі Масква пачне свой рэванш.
Шчыра кажучы, у снежні 2021 года, праз 30 год пасля Белавежскіх пагадненняў, якія "адмянілі" СССР, я ўжо пачаў спадзявацца, што ўсё завершыцца Крымам і Данбасам, пакуль не з'явіўся невыканальны ўльтыматум Масквы NATO, які быў класічным casus belli (нагодай для вайны), і пакуль ў раёне Мазыра не размясціліся расійскія войскі, нібыта для вучэнняў.
А зараз Украіна ваюе не толькі за сваю незалежнасьць. Яна яшчэ ваюе і за незалежнасць Беларусі ды краін Балтыі, як мінімум. Думаю, што беларусы, якія паехалі ва Украіну пасля расійскага ўварвання туды, выдатна гэта разумеюць. Чарговы парадокс гісторыі - некалі Украіна, дзякуючы Багдану Хмяльніцкаму, зрабіла Масковію імперыяй з-за свайго далучэння да яе, што, пасля доўгага і крывавага супраціву ды самых вялікіх у нашай гісторыі чалавечых стратаў, "заматала" ў гэтую імперыю і Беларусь. А цяпер Украіна вядзе вайну, каб адстаяць сваю незалежнасць і тым "адмяніць" імперыю.
Нагадвае выпраўленне гістарычных памылак.
💯31👏1
Forwarded from STATKEVICH M
ТРЫМАЙЦЕСЯ, ДРУЗІ!
Мае шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасьці годнаму і мужнаму ўкраінскаму народу!
Зараз за незалежнасць вам прыходзіцца весьці крывавую і няроўную вайну, за час якой загінулі многія тысячы з вас, у якой пад пастаяннай пагрозай смерці знаходзяцца не толькі вашы ваяры на фронце, але і мірныя грамадзяне - дзеці, жанчыны, старыя ў кожным рэгіёне Украіны.
Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету. Асабліва - у суседніх з вамі народаў, якія разумеюць, што, у выпадку вашай паразы, наступнымі аб'ектамі агрэсіі Масквы стануць ужо іх краіны. Менавіта таму шмат патрыётаў з гэтых краін прыехала ва Украіну, каб змагацца супраць агрэсара поруч з вамі.
Мне вельмі сорамна, што Беларусь была выкарыстана агрэсарам, як плацдарм для спробы хуткага захопу вашай сталіцы. Я ўпэўнены, што без разліку на гэты захоп і хуткую перамогу, агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру. На жаль, знясіленае доўгім супрацівам дыктатуры, зьняволеньнем многіх тысяч патрыётаў і наўмысным прымушэннем перад вайной да эміграцыі сотняў тысяч праціўнікаў рэжыму, беларускае грамадства не здолела перашкодзіць выкарыстанню нашай зямлі для агрэсіі супраць найбольш блізкага нам народа. Даруйце, сябры!
У гэты святочны для вас дзень зычу вам сілаў выстаяць і захаваць сваю цудоўную краіну! Дзеля сябе і дзеля ўсіх народаў, якія прагнуць волі.
Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога пра гэта. Маё сэрца з вамі.
Трымайцеся, друзі!
Мікалай Статкевіч
г. Мінск, Беларусь, 24 жніўня 2026года.
🇺🇦 З Днём Незалежнасці, Украіна!

Сёння мы віншуем украінскі народ з Днём Незалежнасці і ад усяго сэрца жадаем Украіне міру, перамогі і як мага хутчэйшага аднаўлення. Няхай украінскія гарады будуць адбудаваныя, сем’і зноў будуць разам, а кожны ўкраінец атрымае магчымасць жыць у свабоднай і бяспечнай краіне.

Беларусь і Украіна адначасова выйшлі з Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Але далей нашыя шляхі пайшлі па-рознаму. Украіна здолела захаваць і развіваць сваю мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць. Там ёсць свабода слова, а грамадзяне маюць права выходзіць на вуліцы і пратэставаць супраць улады.

У Беларусі за тое, што ва Украіне з’яўляецца рэалізацыяй грамадзянскіх правоў, людзей кідаюць за краты на шмат гадоў, збіваюць, пазбаўляюць магчымасці якасна харчавацца і атрымліваць медычную дапамогу.

Мы верым, што гэта не назаўсёды. Беларусь яшчэ верне сабе дэмакратыю, народны суверэнітэт і права людзей самім вырашаць будучыню сваёй краіны. І тады Беларусь і Украіна зноў будуць добрымі суседзямі і сябрамі — свабоднымі, незалежнымі і здольнымі будаваць свае адносіны на ўзаемнай павазе.

Слава Україні! Жыве Беларусь!
5